ЗАГА́НЫ РАЗВІЦЦЯ́, анамаліі развіцця,

парушэнні ўнутрывантробнага развіцця, што прыводзяць да адхілення ў будове ці функцыях асобнага органа, сістэмы органаў або ўсяго арганізма. Вынік гаметапатыі (паталогія жан. яйцаклетак і сперматазоідаў), эмбрыяпатыі (паталогія эмбрыёна — перыяд развіцця ва ўлонні маці да 10—12 тыдняў) і фетапатыі (паталогія плода ва ўлонні маці ад 10—12 тыдняў да нараджэння). Могуць быць звязаны з ускладненай спадчыннасцю і шкоднымі фактарамі знешняга асяроддзя (хваробы ці шкодныя прывычкі маці ў перыяд развіцця плода, фіз., хім., радыяцыйныя і інш. фактары, няправільнае харчаванне і інш.). Могуць быць вынікам камбінаванага ўздзеяння спадчынных і шкодных фактараў знешняга асяроддзя (мультыфактаральныя З.р.). Да З.р. адносяць прыроджаную адсутнасць якога-н. органа (аплазія, агенезія), яго зменшаны (гіпаплазія) ці павялічаны (макрасамія) памер, эктапію (размяшчэнне органа ў незвычайным месцы, напр., ныркі ў малым тазе), наяўнасць дабавачных органаў, зліццё паміж сабой органаў ці іх частак. Найчасцей бываюць З.р. апорна-рухальнага апарату (вывіхі, касалапасць і інш.), твару (расколіна верхняй губы), цвёрдага паднябення, унутр. органаў (парок сэрца, страўнікава-кішачнага тракту і мочапалавой сістэмы). Назіраюцца таксама і ў жывёл.

І.У.Дуда.

т. 6, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)